Мікіта Мелказёраў нечакана памёр на 37 годзе жыцьця, гэта адбылося ўноч на 21 сьнежня. Канкрэтная прычына заўчаснай сьмерці невядомая.
Мікіта працаваў у выданьнях «Всё о футболе», Tribuna.com, «Онлайнер». У 2020 годзе пачаў праект «Жыцьцё маліна» — інтэрвію з вядомымі беларусамі. Потым Мікіта заснаваў гістарычны праект «Загляне сонца». Ягоныя відэа зьбіралі сотні тысяч праглядаў. Мы пагаварылі з сябрамі і калегамі журналіста пра ягоныя студэнцкія гады, працу ў розных выданьнях і цікавасьці.
«Выглядаў максымальна нефармальна»
Журналістка Настасья Занько пазнаёмілася з Мікітам 19 гадоў таму, яны разам паступілі вучыцца на «друкаваныя СМІ» у Інстытут журналістыкі БДУ.
«Мы паступілі ў 2006 годзе і былі ў адной групе. Першы ўспамін пра Мікіту такі: мы сабраліся ў залі і ззаду сядзеў хлопец у вязаным швэдары, такія былі вельмі папулярныя пасьля выхаду фільму „Брат“ з Бадровым. У яго былі тунэлі ў вушах прабітае брыво і язык, ён выглядаў максымальна нефармальна», — прыгадвае суразмоўца.
Падчас вучобы Мікіта ўжо працаваў у газэце «Всё о футболе», прыгадвае Настасься.
«Ён быў журналістам, пасьля рэдактарам, таму часта прапускаў пары. Была забаўная гісторыя. У 2008 годзе быў пратэст прадпрымальнікаў і мы з сяброўкай пасьля іспыту пабеглі паглядзець на той пратэст, бо мы ж журналісты. А Мікіце трэба быў канспэкт. Пакуль ён за ім ішоў, прадпрымальнікі перакрылі праспэкт, ён дайшоў і аказаўся ў гушчы падзей, сам таго не хочачы», — кажа журналістка.
Мікіта Мелазёраў заўжды марыў пра нейкі свой праект, гаворыць Занько. Ужо пасьля эміграцыі стаў актыўна ўжываць беларускую мову ў сваіх інтэрвію ў праекце «Жыцьцё маліна».
«У нейкі момант ён проста патэлефанаваў мне і стаў гаварыць па-беларуску. Здаецца, выйшла нейкае відэа, дзе ён з героям гаварыў па-расейску, а герой па-беларуску, яму троху накідалі ў камэнты. І тады ён узяў чэлендж вывучыць мову. Мікіта вельмі добры інтэрвіюер, ён заўжды такім быў. У яго талент — разгаварыць людзей. Мікіта быў простым хлопцам, ён задаваў, бывала, дзіўныя пытаньні, але гэтыя пытаньні заходзілі. Яму не сорамна было быць тым чалавекам, які „нічога не ведае“. Людзі, якія вырасьлі небеларусцкацэнтрычнымі, якія прыйшлі ў палітыку ў 2020 іх пытаньні былі сугучныя з пытаньнямі Мікіты», — тлумачыць суразмоўца, чаму праекты Мікіты сталі папулярнымі.
Пры гэтым, паводле суразмоўцы, Мікіта вельмі перажываў за свой прадукт, за журналістыку агулам.
«Ён разумеў, што беларуская мэдыяпрастора звужаецца, таму ён меў праграмы і там, і там, пісаў калонкі іншым. Ён быў жывым чалавекам, як усе іншыя. Мікіта імкнуўся да лепшага, стаў беларускамоўным, стаў паглыбляцца ў гісторыю і шмат чаго дамогся менавіта для сябе. Вельмі рана сыходзіць у 37, гэта вельмі рана. Не ведаю, што там здарылася і кансьпіралягічныя тэорыі не падзяляю. Для мяне гэта асабістая трагедыя, я яшчэ не магу ўсьвядоміць, як так магло здарыцца», — дзеліцца суразмоўца.
«Шмат жартавалі, часам спрачаліся»
Аўтар каналу «Міністэрства сепультуры» Аляксандар Чарнуха знаёмы з Мікітам Мелказёравым амаль 20 гадоў. Сябры разам вучыліся, разам працавалі ў рэдакцыі «Анлайнера». За гады сяброўства ў Чарнухі накапіўся цэлы архіў сумесных здымкаў, не публічных, пакуль.
«У наступным годзе нашыя стасункі мусілі выйсьці на юбілейны ўзровень — мы з Мікітам пазнаёміліся дваццаць год таму. У курылцы журфака. Таму і архівы багатыя. Ёсьць што выбраць. Вось фота пра тое, як мы паехалі на лецішча сьвяткаваць дзень народзінаў. Чый гэта быў дзень народзінаў і чыё лецішча, ніхто не ведаў. Але без падарунка было неяк няёмка, таму мы забралі калі вясковай крамы бляшаны шчыток з рэклямай піва, вышэйшы за самага высокага з нас, і перлі яго ажно да самага дома, каб уручыць тую паштоўку імяніньніку. А вось фота, дзе мы ў Барысаве на гарадзкім стадыёне разам з Мікітам сьвяткуем падзею — БАТЭ ўпершыню выйшаў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў. Піва па дарозе на вакзал, піва на вакзале — і ў выніку прапанова: „Мікітос, давай у мяне завісьнем, а з раніцы паедзем на Мінск“. Яшчэ піва, троху гарэлкі — паслья гэтага я напісаў найгоршы тэкст у сваім жыцьці», — прыгадвае Чарнуха.
Ён зважае, што з сябрам было проста размаўляць, а таксама жартаваць разам.
«А гэтае фота ўжо з іншай эпохі. Яно пра тое, як мы разам працавалі. Залаты склад — Мелказёраў, Владыка, Занько і Чарнуха. Песню нават прыдумалі:
Завіруха мяце, завіруха
Мелказёраў, Занько і Чарнуха.
Сядзелі за адным сталом, шмат жартавалі, часам спрачаліся. Але заўсёды размаўлялі. З Мікітам размаўляць было проста: ён вельмі эмпатычны хлопец. Быў. Быў, ёсьць і будзе. А вось гэтае фота ўжо з эміграцыі. Мікіту не пусьцілі ва Ўкраіну і ён першым рэйсам прыляцеў у Кракаў. Жартаваў, што ў нашага ката не латок, а спелеалячэбніца, а кот ноччу лізаў яму лысіну. Мы хадзілі па Кракаве, балталі пра ўсё, нібыта зноў ідзем па Барысаве пасьля перамогі БАТЭ. Толькі ўжо без піва. Толькі ўжо ў іншай краіне», — прыгадвае суразмоўца.
«Мікіта сказаў, што я кепска гуляю ў футбол. Цяпер я хаджу да трэнера»
Бізнэсовец Іван Шыла пазнаёміўся з Мікітай Мелказёравым у 2017 годзе, Мікіта з калегамі запісваў падкаст у іх на офісе.
«Ужо тады ён быў зоркай расейскамоўнай журналістыцы, ён пісаў вельмі чытаныя тэксты. Зараз жа большасьць яго ведае як аўтара папулярных відэа. Мелказёраў, не гледзячы на тое, што ён зрабіў сотні выпускаў, ён заўжды рыхтаваўся як выдатнік у школе да кожнага інтэрвію. Ён мог гадзіну распытваць пра чалавека, каб падрыхтавацца, мог пазваніць 10-15 асобам для гэтага. Гэта рэальна вялікая праца», — кажа Шыла.
Мікіта Мелказёраў некалькі гадоў быў капітанам каманды беларускіх журналістаў на міжнародным турніры ў Друскеніках, у Літве. Футбол быў вялікай часткай ягонага жыцьця.
«Аднойчы Мелказёраў сказаў, што я кепска гуляю ў футбол, гэта было калі мы гулялі за каманду БАЖ у Літве. Таму я зараз займаюся футболам з трэнерам кожны дзень. Ён апантаны футболам чалавек, на полі ён можа быць вельмі жорсткі ў пляне словаў, ён не адпускае кожны матч. Агулам жа ён вельмі прыемны чалавек, рэдкая рыса, калі людзі наўпрост табе нешта добрае кажуць. А здаецца гэта такія простыя рэчы. Таму Мікіта ў добрых стасунках з сотнямі людзей», — заўважае суразмоўца.
Яшчэ адзін з футбольных эпізодаў прыгадвае журналіст Барыс Гарэцкі:
«З Мікітам мы рабілі не толькі медыя, але і футбол. 4 апошнія гады Мікіта збіраў на журналісцкія турніры ў Друскеніках футбольную каманду БАЖ. Будаваў дух. Узгадаю футбольную гісторыю, калі падчас матчу гулец супрацьлеглай каманды гаспадароў пасля спрэчкі за папярэдні эпізод узяў і проста збіў нашага гульца на газон. Прычым самага сціплага, самага невысокага калегу. Магчыма, іншы б капітан на месцы Мікіты не адрэагаваў бы. Уключыў бы паліткарэктнасць — усё ж, турнір журналісцкі, гульня супраць арганізатараў. Але для Мікіты не існавала кампрамісаў, калі крыўдзяць безабароннага», — прыгадвае Барыс.
Пра Мелказёрава выказаліся многія палітыкі, актывісты, навукоўцы — героі ягоных інтэрвію. Сьвятлана Ціханоўская назвала гібель Мелказёрава «вялікай стратай для беларускага народа». Гэта адбылося на прэсавай канфэрэнцыі з беларускімі палітвязьнямі 22 сьнежня.
«Я хацела б ушанаваць памяць Мікіты Мелказёрава. Учора Беларусь страціла вялікага сына — таленавітага журналіста, чалавека, які рупліва працаваў дзеля Беларусі і пастаянна падымаў тэму палітвязьняў. Гэта вялікая страта для ўсяго беларускага народа. Нам усім будзе вельмі цябе не хапаць, Мікіта. Мікіта вельмі перажываў за нашых палітзняволеных, і я вельмі рада, што ён змог пабачыць што яшчэ адна група людзей вышла на волю», — сказала яна.
22 сьнежня ў Вільні адбудзецца паніхіда па Мікіце Мелказёраву па адрасе Bokšto g 4, а 19:00. Таксама можна падтрымаць сям’ю Мікіты, абвешчаны збор.
Форум